«Жменя сонечных промняў» читать онлайн
Автор Янка Брыль
Янка Брыль
ЖМЕНЯ СОНЕЧНЫХ ПРОМНЯЎ
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Жменя сонечных промняў, — Мінск: Беларусь, 1965.
Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ — колькі яе, прыгажосці, i як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці... ну, скажем, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі i шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..
Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон зялёнага «кукурузніка», які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі і шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі — адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш ПО-2, a ўжо і садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават і «ногі» наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі, ідзіце, нюхайце добрае жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў ix ніцма...
Давыд-Гарадок.
Можна злятаць на Марс, зярнуцца адтуль i застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як і стаяла сотні гадоў, спакойна i абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку... Многа ix тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці i да ста, і нікому такое не дзіўна.
Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне, і вельмі любяць, здаецца,— не проста гандлююць. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам несення. Гаспадар, талковы i ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.
Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай i ціхай вадзе.
Усе прыгожа, аднак жа белыя «гускі» ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай і крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці,— прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі «гускі» — ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату, і мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка... Не, гэтым разам,— можа, ад думак пра бомбы i дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень,— «гускі» здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі...
А заерху — раскошнае сонца i белыя воблакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. і высока, высока!..
Потым, падвечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся і полем абапал дарогі, i хатамі пад цяжарам буслянак, i сонечным лесам...
Душою нашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая, цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці, — як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым табарам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю — пачала нам тлумачыць ix цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад
больше 3 лет назад