«Гронкі гневу» читать онлайн
Автор Джон Стэйнбек
Джон Стэйнбек
Гронкі гневу
Раздзел першы
На чырвоныя землі і частку шэрых зямель Аклахомы апошнія дажджы падалі мякка і не размылі сухую, патрэсканую глебу. Плугі ўдоўж і ўпоперак прайшліся па канаўках — слядах дажджавых ручайкоў. Пасля дажджоў кукуруза хутка прарасла, на абочынах дарог сям-там вышугалі трава і бур'ян, і пад зялёным покрывам пачалі знікаць шэрыя і цёмна-чырвоныя фарбы. У канцы траўня неба зрабілася бялёсым, і аблокі, што ўсю вясну віселі кучкамі высока ў небе, паступова расталі. З дня ў дзень сонца апякала гарачымі промнямі падрослую кукурузу, і па краях зялёных расткоў пачалі праступаць карычневыя беражкі. Хмары наплывалі і хутка знікалі, а неўзабаве і зусім перасталі збірацца. Ратуючыся ад сонца, пустазелле набыло цёмна-зялёны колер і ўжо не перакідвалася на новыя ўчасткі. Паверхня зямлі запяклася ў тонкую цвёрдую скарынку, і па меры таго як выцвітала неба, выцвітала і зямля — чырвоная ружавела, а шэрая выгарала да белізны.
У размывах, што засталіся пасля дажджоў, зямля асыпалася сухімі струменьчыкамі. Шмыгаючы па іх, суслікі і мурашкаеды абрыналі маленькія лавіны пяску. Дзень за днём жорстка паліла сонца, і лісце маладой кукурузы траціла пруткасць і прамізну — спярша ліст крыху прагінаўся пасярэдзіне, потым падоўжная жылка яго слабела і ён панікаў долу. У чэрвені сонца пачало пячы шалёна. Карычневыя палоскі па краях кукурузных лістоў шырэлі, падбіраліся да галоўнай жылкі. Пустазелле зморшчылася, яго бадыліны паніклі верхавінкамі да каранёў. Паветра зрабілася празрыстае, неба зусім зліняла, зямля таксама з кожным днём усё больш блякла.
На дарогах, — там, дзе па іх хадзілі работнікі, дзе зямлю крышылі колы павозак і рассякалі конскія капыты, скарынка запечанай гразі ператваралася ў пыл. Усё, што рухалася па гэтых дарогах, падымала яго ў паветра — пешаход узнімаў верхні пласт пылу сабе па пояс, фургон віхурыў пыл на вышыню агароджы, за аўтамашынай ён клубіўся воблакам і потым доўга не асядаў на зямлю.
Калі чэрвень ужо напалову прайшоў, з Тэхаса і Мексіканскага заліва насунуліся вялікія хмары — цяжкія, навальнічныя. Людзі на палях задзіралі ўгору галовы, уцягвалі носам паветра і выстаўлялі насліненыя пальцы, каб праверыць, ці ёсць вецер. Коні трывожна пераступалі з нагі на нагу. Чорныя хмары крыху апырснулі зямлю і імкліва паплылі далей, у іншыя краі. Пасля іх неба засталося такое ж бледнае, сонца па-ранейшаму моцна пякло. Дажджавыя кроплі прабілі ў пыле маленькія ямкі, сям-там абмылі кукурузнае лісце — і толькі.
Услед за хмарамі павеяў мяккі ветрык, ён гнаў іх на поўнач і лёгка пагойдваў падвялы кіяшнік. Мінуў дзень, і вецер набраў сілы, але дзьмуў роўна, без парываў. Пыл падняўся з дарог у паветра і апускаўся на пустазелле, што расло ўзбоч палёў, і ўскрай іх на кукурузу. Потым вецер падзьмуў моцна і рэзка, накінуўся на ўжо засохлую глебу. Мала-памалу неба пацямнела ад вірлівага пылу, а вецер усё шастаў па зямлі, крышыў яе і зносіў з сабой. Неўзабаве ён яшчэ больш разгуляўся. Сухая скарынка зямлі пад яго напорам лопнула, і над палямі падняўся густы пыл, які цягнуўся шэрымі, касматымі, як дым з коміна, пасмамі. Кукуруза змагалася з ветрам, шапочучы сухім лісцем. Тонкі пыл не асядаў на зямлю, а высока ўзнімаўся і знікаў у пацямнелым небе.
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад
больше 2 лет назад